Замовіў па-беларуску – атрымай зніжку. Як айцішнікі прасоўваюць мову
SAY.BY – гэта анлайн-каталог і мабільны дадатак, над якімі працуе каманда з адзінаццаці чалавек. Сваім карыстальнікам сервіс дазваляе не толькі адшукаць беларускамоўныя месцы побач, але і атрымаць зніжку “за мову” на розныя тавары і паслугі. Уладальнікам бізнеса SAY.BY дае магчымасць прывабліваць беларускасцю новых кліентаў і ператвараць іх у сталых. Стваральнік і кіраўнік праекта праграміст Аляксандр Шастаковіч распавёў пра натхненне, амбасадараў і сурвэткі.
– Як да нас прыйшла ідэя? Натхніла ініцыятыва “А-100” – абслугоўванне на запраўках кампаніі па-беларуску. Гэта здавалася неверагодным і мы падумалі: чаму б не аб’яднаць у адным месцы ўсе прадпрыемствы з жывой беларускай мовай? Бо нават цалкам беларускамоўныя люді схільныя менавіта адказваць, а не загаворваць на мове першымі. І калі яны будуць ведаць, што ў нейкім месцы іх могуць абслужыць па-беларуску, то упэўнена распачнуць дыялог.
На жаль, у Беларусі мала жывой беларускай мовы. SAY.BY быў створаны дзеля таго, каб паведаміць максімальнаму колу людзей пра беларускамоўныя ўстановы, каб мовы стала значна больш, асабліва ў бізнесе. Вакол вельмі шмат беларускамоўных назваў і шыльдаў, дык чаму б не пайсці далей і не ўзяцца за жывую мову?
SAY.BY наведваюць 100 чалавек у дзень. Наша аудыторыя – жыхары Беларусі, а таксама турысты і замежнікі, якім цікава пазнаёміцца з беларускай культурай і мовай. Бо SAY.BY – гэта не проста сайт. Мы займаемся прасоўваннем беларускай мовы, супрацоўнічаем з Інстытутам мовазнаўства, які дапамагае з вычытваннем тэкстаў і міні-размоўнікаў, разам з “Арт-сядзібай” ладзім святкаванне дня роднай мовы. У нашай facebook-суполцы больш за 5000 падпісантаў, і пра ўсё цікавае, звязанае з беларускай моваю, яны даведаюцца першымі.
Грошы і палітыка – гэта не пра SAY.BY
Усе установы трапляюць у наш каталог абсалютна бясплатна – зараз тут 224 назвы з усёй Беларусі. Мы радыя ўсім: і тым, хто даўно вядзе свой бізнес па-беларуску, і тым, хто толькі пачынае. У SAY.BY міжнародная каманда: дызайнерка Кацярына Шавель і ілюстратарка Марыя Пятрашына жывуць у Мюнхене, распрацоўнік мабільнага дадатку Міхаіл Касцюковіч – у Амстэрдаме. Мы ахвяруем свой час і свае грошы. Напрыклад, я аплачваю дамен, сервер, праграмісты ахвяруюць код, але асабліва каштоўнай ёсць менавіта праца і дапамога людзей! Сайт распрацоўваўся два гады ў вольны ад асноўнай працы час. За месяц да запуску мы заўважылі, што ў сеціве з’явіўся праект nabyvaj.by з падобнай ідэяй. Звязаўшыся з імі, мы вырашылі аб’яднацца. Цяпер Алесь Лагвінец і Пятро Маркелаў – таксама частка адной вялікай каманды. У праекта ёсць свае амбасадары – людзі, якія адказваюць за пошук новых месцаў. Дзякуючы нашаму шаноўнаму амбасадару ў Лідзе Алегу Лазоўскаму вы заўсёды зможаце забяспечыць сябе кавай па-беларуску.


